закрый вочы,мой мілы. сёньня будзе табе ад мяне страшная калыханка. цябе заверціць, закруціць у полі завірухаю, халоднаю, лютаю. але ты маеш сьмелае сэрца, не замарозіць цябе завіруха, сагрэе сэрца. патрапіш ты ў цёмны лес, сустрэнеш ваўка, лешага і русалку. воўк захоча цябе з’есьці, бо няма чаго есьці зімою ў лесе. будзе ён вялікі і шэры.. і размаўляць з табою будзе па-чалавечы. жах пранікне ў твае вочы, халоднаю руку ахопіць маленькую душу. але ў воўка – чалавечыя вочы. табе стане яго шкада і ты аддасі яму краюху хлеба, што ў сэрца захаваная ляжала. і воўк адпусьціць цябе, знікне паміж дрэваў, і сляды яго замяце... а ты пойдзеш у іншы бок па невядомай сцежцы, знойдзеш хату і пагрукаеш у дзьверы. выйдзе касматы лешак, паглядзіць на цябе хітрымі вачыма, запрапануе застацца ў яго, пабавіць яго байкамі, прапануе цёплы ложак ды ежу. будзе прывабліваць золатам і срэбрам, захоча назаўжды пакінуць цябе ў сябе... але ты раптам узгадаеш,што недзе ёсьць дом,туды трэба вярнуцца. з цяжкасьцю, але адмовіш ты лешаму. папросіш толькі шлях паказаць, як выйсьці з лесу. ён уздыхне, пацісне плячыма і пакажа наперад рукою... зачыніць дзьверы хаты, застанецца сумаваць ля печкі.. і ты пойдзеш, наперад, праз цемру і снег. будзеш ісьці,пакуль не перастанеш адчуваць свае ногі. раптам, праз дзіру ў свядомасьці ты адчуеш цяпло. знаёмы голас, недзе бачаны ўжо твар...вельмі шмат разоў бачаны. спынішся пад дрэвам, падымеш вочы і пабачыш русалку. яна адзін у адзін падобная да тваёй каханай...толькі вочы чужыя... яна цягне цябе цяплом, вабіць найлепшым у сьвеце голасам. прапануе застацца з ёй назаўсёды, забыцца на зямное, жыць у вечным раі.. ты ледзь не падаеш у прорву беспрабуднага...і раптам злева колецца адчуваньне, што ты ніколі яе больш не пабачыш, не адчуеш цёплых вуснаў і не патонеш у цёмных вачах. ты крычыш і бяжыш, куды – невядома, толькі б далей,далей.....цябе паглынае снег і раптам ты прачынаешся...
больш ты ніколі нічога не будзеш баяцца.